История

Гісторыя школы

Паводле ўспамінаў былых мясцовых жыхароў Міхейчыка Януара Барысавіча і Кудзінай Ганны Аляксандраўны, першая школа для дзяцей сялян пачала працаваць у вёсцы Кляннік прыкладна з 1896 года. Школа працавала ў наёмных хатах аж да 1930 года, пакуль жыхарамі вёскі не быў узведзены школьны будынак. У 1932 годзе школа стала сямігадовай. А ў 1937 годзе – няпоўнай сярэдняй. Старажылы навакольных вёсак памятаюць прозвішчы першых настаўнікаў: Мальца Мікалая Лаўрэнцьевіча, які працаваў з 1900 па 1907 год; Лютарэвіча Аляксандра Ігнацьевіча (1907-1913 гг.); Каўпака (1913-1914 гг.); Астраўхава (1915 г.); Цыганоўскай і Рудакоўскай; Нікановіча Мікалая Уладзіміравіча (1921-1929 гг.); Раменчука Мікалая Данілавіча (1924-1926 гг.).

У суровыя гады вайны школа не працавала, памяшканне яе было спалена. З 1944 года школа стала працаваць у наёмных дамах. У 1948-49 гадах было ўзведзена першае памяшканне школы. Пазней пабудаваны яшчэ адзін будынак, затым другі, трэці. І толькі ў 1971 годзе быў уведзены ў строй тыпавы двухпавярховы будынак школы. Сярэдняй наша школа стала ў 1950 годзе, а ў 1953 годзе зрабіла першы свой выпуск навучэнцаў, атрымаўшых сярэднюю адукацыю. У 2014 годзе школа набыла статус базавай.

Вось такая гісторыя стварэння Клянніцкай школы, гісторыя, якая ў гэтыя некалькі радкоў увабрала цэлае стагоддзе – жыццё некалькіх пакаленняў жыхароў Курганскага сельскага савета і вёсак суседняга Чэрвенскага раёна. З цёплым пачуццём удзячнасці і любові называем мы імёны ветэранаў педагагічнай працы нашай школы, якія аддалі ёй па 25-30 гадоў свайго жыцця. Гэта тыя, хто быў настаўнікам для ўсіх дзяцей у наваколлі і стаў настаўнікам для нас, сваіх малодшых калег: Уладзімір Адамавіч Баркун, Канстанцін Антонавіч Валасевіч, Соф’я Архіпаўна Макрова, Рэня Канстанцінаўна Юркевіч, Ганна Елівееўна Пруднікава, Лізавета Вікенцьеўна Пальчонак, Клаўдзія Сцяпанаўна Рукаль, Галіна Васільеўна Шарамет, Лаўрэнцій Іванавіч Кошаль, Вера Іванаўна Бруевіч, Соф’я Ціханаўна Ляшчынская, Лідзія Пятроўна Ганчарык, Кацярына Антонаўна Рашкевіч, Віталіса Антонаўна і Аляксандр Аляксандравіч Абрамчыкі, Раіса Васільеўна Лыськова, Іосіф Маркавіч Астапенка.

Застануцца ў памяці і справах выпускнікоў школы імёны настаўнікаў, якія працавалі ў нашай школе ў 70-90 гады: В.І.Крачкоўская, А.У. і Г.В.Лашчы, А.А.Нікіфаровіч, Святлана Уладзіміраўна і Валерый Васільевіч Жыляніны, Л.Ц.Касцюковіч, Н.К.Няпрахіна, Марына Канстанцінаўна і Аляксандр Фёдаравіч Лукашэнкі, Т.Р.Колбік, А.Р.Папковіч, А.У.Крыванос, Н.М.Філіповіч, А.В.Рэмез, І.С.Шутаў.

Калектыў настаўніка ў 2010-2014 гг.